ВУГО́Р ЕЎРАПЕ́ЙСКІ

(Anguilla anguilla),

рыба сям. вугровых атр. вугрападобных. Пашыраны ў вадаёмах Еўропы ад Белага да Чорнага мораў (у Міжземным м. — па афр. і азіяцкім узбярэжжах). Прахадная рыба. У рэкі і азёры Беларусі (бас. Нёмана, Зах. Дзвіны і Зах. Буга) заходзіў з Балтыйскага м. З пабудовай плацін на рэках міграцыі спыніліся, азёры (пераважна Пн Беларусі) зарыбляюцца штучна. Нар. назвы вугар, вангор.

Даўж. да 2 м, маса да 6 кг (звычайна 30—70 см, 500—800 г). Цела амаль цыліндрычнае, змеепадобнае, спіна цёмна-зялёная або бура-чорная, бакі жоўтыя, бруха жаўтаватае ці белае. Луска дробная, паглыбленая ў скуру з тоўстым слоем слізі. Корміцца дробнай рыбай, ікрой, жабамі і беспазваночнымі. Большую ч. жыцця праводзіць у прэснай вадзе (ад 6 да 25 гадоў). Для размнажэння мігрыруе ў Саргасава м. Атлантычнага ак. У моры не корміцца. Пасля нерасту дарослая рыба гіне. Лічынкі (т.зв. лептацэфалы) з Гальфстрымам і Паўн.-Атлантычным марскім цячэннем дрэйфуюць 2,5—3 гады да берагоў Еўропы. Калі ператвараюцца ў малявак (т.зв. шклопадобных вугроў), рассяляюцца па вадаёмах.

Шклопадобныя вугры імпартуюцца на Беларусь пераважна з Францыі і Вялікабрытаніі. Больш за 40 млн. малявак вугра еўрапейскага запушчана ў больш як 70 вадаёмаў (па 1980-я г.). Каштоўны аб’ект промыслу і развядзення.

т. 4, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)